КА́РЛІКАВАЕ ПЛАДАВО́ДСТВА,
вырошчванне нізкарослых пладовых дрэў, пераважна яблыні і грушы; адзін з метадаў інтэнсіфікацыі пладаводства. Пашырана ў краінах з цёплым сухім кліматам, у паўд. краінах СНД, на Беларусі — у паўд. і паўд.-зах. раёнах.
Нізкарослыя (1,5—3 м) дрэвы атрымліваюць прышчэпліваннем звычайных сартоў на слабарослыя прышчэпы. У якасці прышчэпаў для яблыні выкарыстоўваюць пераважна парадзізку чырваналістую, для грушы — айву. Дрэвы на такіх прышчэпах пачынаюць рана (на 2—3-і год) плоданасіць, даюць больш вял. і больш цукрыстыя плады, з іх збіраюць больш высокія ўраджаі. У карлікавых садах больш зручна праводзіць інтэгрыраваную барацьбу з хваробамі і шкоднікамі, механізаваную ўборку ўраджаю і інш.
т. 8, с. 73
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)